БРЫТА́НСКАЯ КАЛУ́МБІЯ

(Britich Columbia),

правінцыя на З Канады. Уключае таксама а-вы Ванкувер, Каралевы Шарлоты і інш. Пл. 947,8 тыс. км². Нас. 3282 тыс. чал. (1995). Адм. ц.г. Вікторыя. На У — Скалістыя горы (г. Робсан, 3954 м), на З — Берагавы хр. (г. Уодынгтан, 4042 м), паміж імі — унутр. плато выш. каля 1000 м. У прыморскай ч. клімат мяккі, вільготны, у гарах — суровы (зімой да -50 °C). Ападкаў ад 2400 мм на ўзбярэжжы да 300 мм у міжгорных далінах. Шмат азёр. Большая ч. тэр. пад хвойнымі лясамі. Здабываюць вугаль, медзь, серабро, золата, цынк, свінец, малібдэн, нафту, прыродны газ. На рэках Піс-Рывер, Калумбія і інш. значныя ГЭС, якія выпрацоўваюць каля 80% усёй электраэнергіі. Каляровая металургія — выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, серабра. Машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць лесапрамысл. і горнага абсталявання), хім., харч., цэлюлозна-папяровая прам-сць. Сельская гаспадарка ў далінах рэк на З пераважна прыгарадная (малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, пладаводства). На ўзбярэжжы рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, палтус) і рыбаперапр. прам-сць. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты і прамысл. цэнтры — Ванкувер, Вікторыя.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)